ДРАГІ́ЧЫНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ, Драгічынскі піярскі ліцэй. Дзейнічаў у 1773—1834 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер у Беластоцкім ваяв., Польшча). Створаны на базе закрытага Драгічынскага езуіцкага калегіума, меў 3 класы. Уваходзіў у Піярскую навуч. акругу. У 1775—24 вучні, у 1782—90 вучняў. У 1795—1807 у складзе Прусіі, меў статус гімназіяльнага вучылішча. З 1807 у складзе Рас. імперыі. З 1812 павятовае вучылішча. У 1817—4 класы, 6 выкладчыкаў, 139 вучняў. Фінансаваўся ордэнам піяраў і дзяржавай. Выкладчыкі і вучні падтрымалі паўстанне 1830—31. 129 чал. не вярнулася з калядных вакацый 1830. У 1834 калегіум пераўтвораны ў свецкае павятовае вучылішча для дваран. Сярод выхаванцаў вучоны-славіст М.К.Баброўскі.

А.Ф.Самусік.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)